ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
А.В.Іоў.
т. 13, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)